«Асаблівая чараўніцтва» - навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" Лепельскага раёна Віцебскай вобласці

31-Снежня-2019
Навагодняя акцыя “Нашы дзеці” крочыць па краіне. Не так даўно яна праходзіла ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”. 28 дзяцей-інвалідаў разам з мамамі адпачылі там за кошт рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Для таго, каб павіншаваць юных адпачывальнікаў з навагоднімі святамі, установу наведаў дырэктар рэспубліканскага цэнтра Генадзь Балбатоўскі.
Спачатку паважаны госць прайшоў па корпусах “Жамчужыны”, пагутарыў з дзецьмі і работнікамі ўстановы. Паўсюдна Генадзь Мікалаевіч адзначыў увагу і клопат, якія праяўляюцца да маленькіх пацыентаў.
Улучыўшы момант, карэспандэнт задаў госцю некалькі пытанняў:
— Генадзь Мікалаевіч, у якіх аб’ёмах дзяржава аказвае дапамогу ў аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні дзяцей?
— У рэспубліцы дзейнічае сетка санаторных і рэабілітацыйна-аздараўленчых устаноў, сярод якіх рэспубліканскі рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” займае адно з лідзіруючых месцаў па шэрагу паказчыкаў. Штогод у Бароўцы за сродкі дзяржаўнага бюджэту, фонду сацыяльнага страхавання паляпшаюць здароўе каля сямі тысяч дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Усяго ж за год па краіне па гэтай праграме аздараўліваюцца больш за 85 тысяч дзяцей. Пры гэтым зазначу, што “Жамчужына” працуе ў напрамку прадастаўлення аздараўленчых паслуг і іншым катэгорыям грамадзян, займаецца экспартам паслуг. Заробленыя грошы ўстанова ўкладае ў сваё развіццё і ўмацаванне матэрыяльнай базы. Мы маглі гэта бачыць, калі праходзілі па корпусах і калідорах. Адзначу, што прыём замежных адпачывальнікаў — гэта не толькі заробленыя грошы, а яшчэ і фарміраванне станоўчага, прывабнага іміджу ўсёй Беларусі. Попыт на дадзеныя паслугі настолькі высокі, што “Жамчужына” выступіла з ініцыятывай і вядзе будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса.
— Ці плануецца ў Беларусі пашырэнне колькасці санаторыяў?
— На сённяшні дзень у краіне дзейнічае 105 санаторыяў на 28 тысяч койка-месцаў. Гэтага цалкам дастаткова, каб задаволіць унутраны попыт і аказаць экспартныя паслугі па прыёме замежных гасцей. У апошнія гады гэты фонд у значнай ступені мадэрнізуецца, павышаецца зручнасць пражывання і павялічваецца колькасць медыцынскіх паслуг, якімі можна скарыстацца ў нашых аздараўленчых установах. Будаўніцтва санаторыя — гэта так званыя “доўгія грошы”, у сярэднім тэрмін акупляльнасці — 15 гадоў. Да таго ж санаторый трэба будаваць там, дзе для яго эфектыўнай дзейнасці ёсць прыродныя ўмовы. Хачу заўважыць, што і ў прыватным бізнесе ўдзяляецца ўвага гэтай галіне. Ёсць прыклады, калі бізнесмены ўкладваюць свае грошы ў будаўніцтва і мадэрнізацыю санаторыяў. Каб зразумець парадак лічбаў, скажу, што інвестпраект па будаўніцтве санаторыя на 300 месцаў каштуе ад 30 да 50 мільёнаў еўра.
— Генадзь Мікалаевіч, на інтэрнэт-рэсурсах некалькі разоў чытаў наступныя выказванні. Маўляў, аварыя на ЧАЭС адбылася даўно, за 30 гадоў наступствы яе нівеліраваліся, варта было б скараціць дзяржаўную падтрымку. Якая ваша думка на гэты конт?
— Я па спецыяльнасці не фізік, але ведаю, што перыяд распаду многіх радыёактыўных элементаў нашмат большы, чым 30 гадоў. Таму перакананы, што мерапрыемствы па аздараўленні і лячэнні ўсяго насельніцтва, а тым больш дзяцей, павінны быць у прыярытэце. І гэтыя прыярытэты, хачу запэўніць, выконваюцца: праграмай на бліжэйшыя пяць гадоў не прадугледжана змяншэння фінансавання аздараўлення дзяцей.
— Генадзь Мікалаевіч, ці плануецца аказанне дапамогі рэабілітацыйна-аздараўленчаму цэнтру “Жамчужына” для заканчэння будаўніцтва новага корпуса і ўвядзення яго ў эксплуатацыю?
— З абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў запланавана накіраваць пэўныя сумы фінансавых сродкаў, хаця назваць канкрэтныя лічбы пакуль не магу. Аднак скажу цвёрда, што ніхто не зацікаўлены ў зацягванні тэрмінаў будаўніцтва. Усім трэба, каб аб’ект у хуткім часе пачаў сваю дзейнасць і прыносіў прыбыткі.
За размовай непрыкметна надышоў час пачатку святочнага мерапрыемства. Сваімі выступленнямі парадавалі гледачоў юныя артысты Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Яны адразу авалодалі ўвагай маленькіх гледачоў. Аднак самае галоўнае тое, што яны заставаліся не проста гледачамі, а самі сталі ўдзельнікамі прадстаўлення, гулялі, адказвалі на пытанні, дапамагалі героям і такім чынам дапамаглі дабру атрымаць перамогу над злом. Хлопчыкі і дзяўчынкі закідалі снежкамі Снежнага Троля, адказалі на пытанні Снягурачкі, а потым станцавалі разам з Лісой і іншымі казачнымі персанажамі.
Асабіста я ў чарговы раз прыйшоў да высновы: любым дзецям, а тым больш інвалідам, вельмі важна, каб іх успрымалі як роўных. Яны такім чынам і самі перастаюць заўважаць свае хваробы і пачынаюць радавацца жыццю.

А якое ж свята без падарункаў? Дзядуля Мароз разам са Снягуркай, дырэктарам рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзем Балбатоўскім і дырэктарам дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Верай Закрэўскай уручылі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія наборы. Тыя ж, хто жадаў асабіста павіншаваць Дзядулю Мароза, выходзілі на сцэну і расказвалі яму вершы.
Для дзетак гэты дзень стаў казачным, насычаным прыгодамі і самымі яркімі эмоцыямі. Важна, каб як мага часцей іх дні станавіліся святочнымі, радаснымі і запамінальнымі. І гэта шмат у чым залежыць ад нас, дарослых.