XVI Рэспубліканскі турыстычны злёт калектываў супрацоўнікаў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў Рэспублікі Беларусь

12-Жніўня-2022

З 29 па 31 ліпеня 2022 года на Гомельшчыне ў ДРАЦ "Сядзельнікі" 8 каманд з ліку супрацоўнікаў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў Рэспублікі змагаліся за званне самага спартыўнага і творчага калектыву. Цяперашні шаснаццаты турзлёт у Год гістарычнай памяці праходзіў пад дэвізам "Мы - адзінае цэлае".

Першы дзень турыстычнага злёту адзначыўся ўрачыстым адкрыццём, конкурсам візітак і жартоўнай эстафетай, дзе барацьба была не жартоўнай. Пазней удзельнікаў праверылі на ўменне арыентавацца на тэрыторыі ў начны час.

У другі дзень злёту работнікі ДРАЦ дэманстравалі спартыўную падрыхтоўку на турыстычнай паласе перашкод. Праверкай на трапнасць, спрыт і камандную зладжанасць, а таксама асаблівасцю турзлёту, сталі турнір па пейнтболе і бой мяшкамі на бервяне.

Трэці, заключны, дзень турыстычнага злёту выдаўся няпростым, але цікавым. Ва ўменні трапна страляць пазмагаліся кіраўнікі рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. А камандам было неабходна прадставіць на кулінарным тымбілдынгу традыцыйную беларускую страву з бульбы.

Трохдзённы спаборніцкі марафон стаў для ўдзельнікаў яскравай падзеяй і, вядома, вызначыў лідэраў:

1 месца заваяваў ДРАЦ «Жамчужына» (Віцебская вобласць),

2 месца ў ДРАЦ "Сядзельнікі" (Гомельская вобласць),

3 месца ў ДРАЦ "Надзея" (Мінская вобласць).

Дыпломы, кубкі і прызы пераможцам у агульнакамандным заліку ўручыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Балбатоўскі Генадзь Мікалаевіч.