Аздараўленне дзяцей Гродзенскай вобласці ў перыяд восеньскіх канікулаў

22-Лістапада-2022

Падчас восеньскіх канікулаў у кожным раёне вобласці расчынілі свае дзверы аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Яны былі арганізаваны ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі і структурнымі падраздзяленнямі ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама.

На працягу шасці дзён умацаваць сваё здароўе, адпачыць ад школьных заняткаў і дамашніх заданняў, набрацца сіл перад новай вучэбнай чвэрцю і з задавальненнем правесці час змаглі больш як 7 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Асноўная ўвага пры арганізацыі лагераў была ўдзелена забеспячэнню бяспечных умоў знаходжання дзяцей, выкананню тэхнікі бяспекі пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, правілаў пажарнай бяспекі, дарожнага руху.

Пры залічэнні дзяцей у лагер асаблівая ўвага і перавага надавалася аздараўленню непаўналетніх дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных, прыёмных, апякунскіх і няпоўных сем'яў.

Пры ўдзеле ўстаноў дадатковай адукацыі былі распрацаваны праграмы адпачынку дзяцей у лагерах. Яны насычаны спартыўнымі, вакальнымі і харэаграфічнымі мерапрыемствамі, інтэлектуальнымі спаборніцтвамі, квэстамі і іншымі падзеямі.

Напрыклад, навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў у перыяд канікулаў рыхтаваліся да першага восеньскага балю, які пройдзе 26 лістапада. Удзельнікі піянерскіх дружын і акцябраты бралі ўдзел у анлайн-праекце «Вакацыі ў стылі БРПА».

Таксама для рабят праводзіліся экскурсійныя паездкі ў Музей Вялікай Айчыннай вайны, Брэсцкую крэпасць і іншыя знакавыя месцы Беларусі.

Каб разнастаіць баўленне часу школьнікаў і напоўніць іх будні цікавым зместам, ужо зараз актыўна праводзіцца апытанне сярод бацькоў. З улікам іх пажаданняў і інтарэсаў дзяцей будуць распрацаваны культурна-дасугавыя мерапрыемствы. Цікавыя і пазнавальныя праграмы для хлапчукоў і дзяўчынак падрыхтуюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Для юных непаседаў будуць працаваць гульнявыя пляцоўкі, творчыя майстэрні, правядуць захапляльныя майстар-класы, гульні, конкурсы. Таксама арганізуюць для школьнікаў розныя фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўныя святы, дзе кожнае дзіця зможа прадэманстраваць свой спрыт, хуткасць і фізічную падрыхтоўку. Адным словам, сумаваць не давядзецца, забаў на любы густ.