Вынікі І змены ў лагерах Магілёўскай вобласці

27-Чэрвеня-2023

Летнія канікулы ў аздараўленчых лагерах у самым разгары. Усяго за I змену летняй кампаніі 2023 у Магілёўскай вобласці аздараўленне прайшлі 27128 чалавек.

Працавалі 50 аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем, у якіх аздароўлена 4061 чалавек і 469 лагераў з дзённым знаходжаннем - 23067 школьнікаў.

Аздараўленне дзяцей і падлеткаў ажыццяўлялася на базе 15 загарадных стацыянарных лагераў, 7 арандаваных базах, у тым ліку ў 2 санаторна-курортных арганізацыях. Акрамя таго, у першую змену працавалі 12 кругласутачных профільных лагераў працягласцю 9 дзён.

У I змену змаглі аздаравіцца і пры гэтым сумясціць трэніровачны працэс 5757 чалавек з ліку выхаванцаў спартовых устаноў вобласці.

Загрузка стацыянарных аздараўленчых лагераў у I змену склала 98,9 працэнта ад існуючых магутнасцей.

Каб пазбегнуць эпідэміялагічных рызык работа лагераў арганізавана ў адпаведнасці з зацверджаным Планам санітарна-проціэпідэміялагічных мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання пры выяўленні захворванняў СОVID-19 пры арганізацыі работы аздараўленчых лагераў. За станам здароўя дзяцей устаноўлены пастаянны кантроль.

Сілкаванне дзяцей арганізавана па зацверджаным 2-х тыднёвым меню з захаваннем норм. Пастаўкі прадуктаў у лагеры ажыццяўляюцца па заключаных прамых дагаворах.

Выхаваўчая работа ў аздараўленчых лагерах ажыццяўляецца з улікам метадычных рэкамендацый у дапамогу арганізатарам летняга адпачынку ў 2023 годзе, а таксама календара дзяржаўных свят, памятных дат і міжнародных святочных дзён.

Асноўныя задачы работы лагераў - умацаванне здароўя дзяцей; фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця; фарміраванне сацыяльных норм і каштоўнасцей; задавальненне індывідуальных патрэб дзяцей у інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні; развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў.

Пры рабоце з дзецьмі ўлічваюцца іх узроставыя асаблівасці, магчымасці і інтарэсы.

Адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак у лагерах напоўнены адпаведнымі мерапрыемствамі, накіраванымі на патрыятычнае, маральнае, працоўнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Шэраг мерапрыемстваў прысвечаны Году міру і стварэння, умацаванню адзінства, беларускай дзяржаўнасці.

Па выніках першай змены было аздароўлена 964 чалавекі з ліку льготнай катэгорыі, у тым ліку 287 дзяцей-інвалідаў, 677 з ліку дзяцей-сірот.

Так, на базе Асіповіцкай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата прайшла змена ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем для дзяцей-інвалідаў. 20 хлопчыкаў і дзяўчынак змаглі не толькі цікава і пазнавальна правесці час, але і атрымаць комплекс медыцынскіх працэдур, якія ёсць у школе-інтэрнаце. Для іх была прапанавана цікавая праграма, напоўненая экскурсіямі, конкурсамі, пазнавальнымі і забаўляльнымі мерапрыемствамі.

На базе дзяржаўнай установы адукацыі "Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Шклова" была арганізавана змена для 9 дзяцей-інвалідаў у аздараўленчым лагеры "Надзея". У рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння са Шклоўскім раённым цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў лагеры праведзены мерапрыемствы - згуртаванне дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў каманднай спартыўнай дзейнасці.

У лагерах прайшлі мерапрыемствы ў рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі "Крок да поспеху", накіраваныя на фарміраванне грамадзянскай і патрыятычнай свядомасці.

Так, у аздараўленчым лагеры "Ольса" ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі 8 чэрвеня 2023 года прайшла сустрэча з Туравай Аленай Віктараўнай, кінарэжысёрам-пастаноўшчыкам УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", членам Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

15 чэрвеня 2023 года ў аздараўленчым лагеры "Крыніца" ГУДА Магілёўскі абласны цэнтр творчасці" прайшла дыялогавая пляцоўка ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі "КРОК да поспеху". З выхаванцамі летніка сустрэўся генеральны дырэктар ААТ “Мінскі электратэхнічны завод ім. В.І.Казлова» Радзевіч Аляксандр Міхайлавіч.

Для дзяцей быў прадэманстраваны фільм аб дзейнасці прадпрыемства, пасля якога адбыўся актыўны дыялог з госцем.

Ва ўзаемадзеянні з абласнымі ўпраўленнямі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, воінскімі часцямі Міністэрства абароны ў кожным рэгіёне арганізавана дзейнасць аздараўленчых лагераў ваенна-патрыятычнага профілю з прыцягненнем непаўналетніх дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, прызнаных патрабуючымі на розных формах уліку.

Адпачынак дзяцей у аздараўленчых лагерах праходзіць разнастайна і цікава.