Прыём грамадзян дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце

13-Студзеня-2025

10 студзеня 2025 года дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Мікалаевіч Балбатоўскі правёў асабісты прыём грамадзян у Дзятлаўскім райвыканкаме. Падчас працоўнай паездкі яго суправаджаў кіраўнік Гарадзенскага абласнога ўпраўлення цэнтра А.Ч Ганчар.

Наведванне раёна пачалося з сустрэчы ў райвыканкаме з яго кіраўніком Садоўскім А.У. і яго намеснікам Бялятка В.А. Падрабязна абмеркаваны стан спраў у аздараўленчай галіне раёна, перспектывы яе развіцця. Улічваючы наяўнасць у раёне адных з лепшых у краіне санаторыяў на радонавых крыніцах, развіццё гэтага напрамку адыгрывае найважнейшую ролю ў эканоміцы Дзятлаўшчыны, экспарце аздараўленчых паслуг усяго Прынёманскага краю.

Двое жыхароў Дзятлава задалі пытанні Генадзю Мікалаевічу. Першага заяўніка цікавіла, ці будуць найбліжэйшым часам унесены змяненні ў заканадаўства адносна павелічэння перыядычнасці прадастаўлення льготных пуцёвак у беларускія санаторыі для пенсіянераў.

Г.М.Балбатоўскі растлумачыў, што асноўнымі дакументамі, якія вызначаюць такія сацыяльныя гарантыі, з'яўляюцца Закон "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" і Указ "Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва". З 1 студзеня 2024 года гэты ўказ і зацверджанае ім Палажэнне аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне дзейнічаюць у новай рэдакцыі. Цяпер ветэраны маюць права карыстацца санаторна-курортным лячэннем не часцей за адзін раз на тры гады, працуючыя грамадзяне — адзін раз на чатыры гады, а бацькі з дзецьмі па-ранейшаму маюць магчымасць штогод ездзіць у санаторыі разам. Што датычыцца льготных пуцёвак, то іх колькасць для беларусаў павялічваецца з кожным годам, таму калі ўзнікне неабходнасць зноў павялічыць перыядычнасць іх атрымання для пенсіянераў, гэта будзе замацавана заканадаўча.

Заяўнік таксама пытаўся пра магчымасць атрымання пуцёвак для жыхароў раёна ў санаторый "Радон". Генадзь Мікалаевіч расказаў, што ААТ "Белаздароўніца", у склад якой уваходзіць санаторый, выдзяляе пэўную іх колькасць штогод, але пуцёўкі запатрабаваныя, таму магчымасці іх атрымання абмежаваны. Аднак жыхары раёна пры жаданні могуць карыстацца паслугамі санаторыя без пражывання і прайсці лячэнне так званым курсавым метадам.

Другая заяўніца паведаміла, што хацела паехаць у беларускі санаторый у Друскінінкаі (Літва) са сваёй сям'ёй, але не змагла гэтага зрабіць з-за цяжкасцей з атрыманнем візы. Генадзь Мікалаевіч растлумачыў, што ў бліжэйшы час перамены наўрад ці адбудуцца. На шчасце, наша краіна змагла забяспечыць працу санаторыя "Беларусь", і перыядычна яго наведваюць беларусы, якія маюць візы і медыцынскія паказанні для лячэння ў Літве. Пасля атрымання візы запыт заяўніка таксама будзе задаволены. Генадзь Мікалаевіч параіў жанчыне ў выпадку ўзнікнення праблем разгледзець варыянты іншых санаторыяў у Беларусі.