Святкаванне Дня Перамогі ў санаторыях Брэстчыны

15-Мая-2025

Дзень Перамогі - самае дарагое сэрцу свята для кожнага з нас. Гэтае свята з'яўляецца сімвалам адзінства і любові да Айчыны і натхняе нас будаваць лепшае жыццё дзеля працвітання роднай Беларусі.

9 мая ва ўсіх санаторыях Брэсцкай вобласці былі праведзены розныя мерапрыемствы і акцыі, каб ушанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і адсвяткаваць Дзень Перамогі. Супрацоўнікі санаторыяў падышлі да падрыхтоўкі свята з асаблівай увагай. Тэрыторыя здраўніц была ўпрыгожана флагамі, кветкамі, фатаграфіямі часоў Вялікай Айчыннай вайны. У ДУП "Санаторый Буг" была арганізавана выстава рэтра-аўтамабіляў.

У санаторыях праведзены акцыі, выставы, спартландыі, арганізаваны святочныя канцэрты, працавала палявая кухня, гучалі франтавыя песні і паэтычныя чытанні. Так, работнік санаторыя "Магістральны" Аляксандр Міхан напісаў вершы, якія прысвяціў Вялікай Перамозе і прачытаў адпачывальнікам і супрацоўнікам.

Таксама супрацоўнікі і адпачывальнікі прынялі ўдзел у акцыях, арганізаваных дзяржаўнымі органамі. Калектыў санаторыя "Ружанскі" прыняў удзел у аўтапрабегу "На варце памяці Вялікага Подзвігу" на Пружаншчыне, арганізаваным Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у відэачэленджы "80 слоў аб Перамозе". Работнікі санаторыя "Надзея" прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Вокны Перамогі", а таксама ва ўрачыстым мітынгу, ускладанні жывых кветак і вянкоў у рамках рэспубліканскай акцыі "Беларусь Памятае!" каля помніка «Загінуўшым землякам» у аг. Ленінскі і г. Жабінка. 9 мая з вакзала станцыі "Баранавічы - Палескі" курсіраваў рэтра-цягнік. Супрацоўнікі санаторыя "Магістральны" разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны прынялі ўдзел у гэтай акцыі.

У санаторыі "Ясельда" ўсім ахвотным была арганізавана дабрачынная паездка па Піншчыне, прадастаўлена магчымасць наведаць музей Пінскага раёна, дом рамёстваў, прыняць удзел у святочнай канцэртнай праграме ў аграгарадку Аснежыцы Пінскага раёна.

У дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах вобласці для дзяцей-адпачывальнікаў таксама былі арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.

Так, у КУП "ДРАЦ "Світанак" праведзены віртуальная экскурсія па вуліцах горада Пінска, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, канцэртная праграма "Дарогамі Вялікай Перамогі", спартыўна-патрыятычная гульня "Зарніца", розныя конкурсы. У КУП “ДРАЦ “Колас” праведзена гульня інтэлектуальнага турніру пад назвай “Была вясна, вясна ПЕРАМОГІ”, у якой бралі ўдзел дзеці арганізаваных груп з забруджаных тэрыторый Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Знаўцы прадэманстравалі цудоўныя веды гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У Дзень Перамогі атмасфера ў санаторыях па-сапраўднаму была незабыўнай і душэўнай.