У сталіцы дадзены старт летняй аздараўленчай кампаніі

16-Чэрвеня-2026

З 1-га чэрвеня ў школах, гімназіях і ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Мінска адкрыліся лагеры з дзённым знаходжаннем. Ваенна-патрыятычныя лагеры, арганізаваныя на базах стацыянарных лагераў і воінскіх часцей, 26 мая прынялі на аздараўленне і для праходжання ваенна-палявых збораў больш за 850 юнакоў навучэнцаў 10-х класаў.

Таксама сваю працу пачалі 32 сталічныя загарадныя аздараўленчыя лагеры. У першую змену ў іх ужо заехалі і адпачываюць больш за 8 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак.

Старт летняй аздараўленчай кампаніі горада Мінска з удзелам намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Стрыгельскага Андрэя Валер'евіча быў дадзены ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры "Энергетык" 5 чэрвеня 2026 г.

- Мы пастараліся ахапіць усімі магчымымі формамі аздараўлення найбольшую колькасць дзяцей. Каля 80 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак пройдуць аздараўленне ў лагерах розных тыпаў. Больш за палову з іх - ва ўмовах загарадных лагераў. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый, уласнікам нашых лагераў, якія нямала зрабілі для таго, каб матэрыяльна-тэхнічная база была гатова да прыёму хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны стварылі такія ўмовы, дзе дзецям будзе бяспечна і камфортна знаходзіцца. Вельмі важна, што ўсё больш запатрабаванымі становяцца лагеры ваенна-патрыятычнага профілю, якія мы арганізуем у вайсковых часцях. У гэтым годзе ўжо каля 6 тысяч дзяцей змогуць правесці з карысцю час у такіх лагерах, - адзначыў Андрэй Стрыгельскі.

Вельмі папулярнымі для рабят па-ранейшаму з'яўляюцца намётавыя турыстычныя лагеры. Таксама каля 3 тыс. дзяцей будуць сумяшчаць адпачынак у аздараўленчым лагеры з работай - у лагерах працы і адпачынку. Гэта добрая магчымасць для хлопцаў і адпачыць, і зарабіць.

Паводле слоў начальніка прадстаўніцтва Мінскае гарадское ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерыя Нафрановіча, практычна ўсе лагеры будуць працаваць у рэжыме пяці змен па 15 дзён кожная, што дасць магчымасць максімальна ахапіць адпачынкам найбольшую колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак.

- У летні перыяд запланавана аздаравіць бясплатна, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і сродкаў бюджэту г.Мінска,

1303 дзіцяці з ліку сірот і дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай, і

1683 дзіцяці-інваліда, што на 33% больш, чым у 2025 годзе.

Акрамя таго, у гэтым сезоне 120 дзяцей з цукровым дыябетам і кардыяпаталогіяй будуць накіраваны разам з бацькамі, якія іх суправаджаюць, у дзіцячы санаторый "Сонейка". Пры гэтым і пуцёўка, і суправаджэнне аплачана поўнасцю з гарадскога бюджэту.

У бягучым годзе ўласнікамі лагераў плануецца выдзеліць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лагераў грашовыя сродкі ў памеры больш як 13 млн. рублёў. Рашэннем Мінгарвыканкама грашовыя сродкі, прадугледжаныя ў гарадскім бюджэце на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы стацыянарных выхаваўча-аздараўленчых лагераў у памеры 2,5 млн. рублёў, размеркаваны паміж адміністрацыямі раёнаў.

Усе загарадныя аздараўленчыя лагеры прыняты камісіямі па прыёмцы аздараўленчых лагераў адміністрацый раёнаў г.Мінска і пачалі работу згодна з зацверджаным графікам, - адзначыў Валерый Аркадзьевіч.

У выхаваўча-аздараўленчым лагеры "Энергетык" першая змена пачалася 4 чэрвеня. 240 хлопчыкаў і дзяўчынак з задавальненнем праводзяць тут пачатак летніх канікулаў. Для іх арганізавана шырокая выхаваўчая і культурная праграма, а таксама пяціразовае харчаванне.

- Лагер валодае добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай: камфортныя карпусы, крыты спартыўны комплекс, вуркаўт, танцавальная пляцоўкі, басейн, пакоі для гуртковай працы, бібліятэка. Праца пабудавана так, што ў рабят практычна не застаецца вольнага часу, яны заўсёды нечым занятыя. Педагогі імкнуцца, каб дзецям было цікава. На кожнай змене ў нас працуюць педагагічныя студатрады. Для гэтага прыцягваюцца студэнты БДПУ, БДТУ, БДАМ, БДУФК, - распавяла начальнік лагера Таццяна Куніца.

Адразу пасля адкрыцця змены атрады адправіліся спаборнічаць за перамогу ў квэсты. Іх забаўлялі роставыя лялькі, былі арганізаваны майстар-класы, фотазона і стэнд для аквагрыму.

- У гэтым лагеры адпачываю ўпершыню. Быў тут на спартыўных спаборніцтвах. Мне спадабалася, і бацькі купілі пуцёўку. Ужо паспеў з усімі ў атрадзе пасябраваць. Многія прыязджаюць сюды з году ў год. Кормяць вельмі смачна, увесь час праводзяць цікавыя мерапрыемствы: днём – квэсты, гульні, а па вечарах – дыскатэкі, – падзяліўся ўражаннямі выхаванец лагера “Энергетык” Іван Падлескі.