Летняе аздараўленне дзяцей Гомельскай вобласці

22-Ліпеня-2026

У Гомельскай вобласці з пачатку летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года для юных адпачывальнікаў гасцінна расчынілі дзверы 87 лагераў з кругласутачным знаходжаннем і 877 лагераў з дзённым знаходжаннем.

Пуцёўкамі на аздараўленне скарысталіся больш за 34 тысячы дзяцей, у тым ліку ў кругласутачныя лагеры – 6,7 тысячы дзяцей, у лагеры з дзённым знаходжаннем –27,7 тысячы дзяцей.

Усяго ў летні перыяд 2026 года ў лагерах Гомельскай вобласці плануецца аздаравіць больш за 43 тысячы дзяцей.

Пры садзейнічанні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама створаны рабочыя месцы для дзяцей у лагерах працы і адпачынку. Віды работ, якія выконваюць падлеткі з аплатай працы: добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, афармленне і праполка кветнікаў і газонаў, збожжавых, работы ў лясной гаспадарцы, пашыў пасцельнай бялізны і іншае. Адпачываць і працаваць была дадзена магчымасць 3,4 тысячам дзяцей.

Пільная ўвага ўдзелена аздараўленню дзяцей, якія маюць патрэбу ў індывідуальнай падтрымцы. За дзве змены ў лагерах змаглі аздаравіцца больш за 1,6 тысячы дзяцей з ліку, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Пры правядзенні мерапрыемстваў яны прыцягваюцца да актыўнага ўдзелу. З гэтымі дзецьмі праводзіцца індывідуальная работа з псіхолагам і сацыяльным педагогам.

Не застаецца без увагі аздараўленне ў лагерах хлапчукоў і дзяўчынак з інваліднасцю, прадоўжана практыка аздараўлення дзяцей-сірот. За дзве змены адпачылі і аздаравіліся ў лагерах больш за 1,0 тысячы дзяцей-інвалідаў, каля 800 дзяцей-сірот.

Праца па арганізацыі аздараўлення дзяцей у летні перыяд праводзіцца ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў аздараўленчай кампаніі 2026 года, які ўключае мерапрыемствы па ідэалагічным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні.

Адкрыццё змен праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы з узняццем Дзяржаўнага флага і выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

У лагерах Гомельскай вобласці дзеці атрымліваюць неабходны комплекс аздараўленчых паслуг, уражанняў і эмоцый.